“Пятрусь Броўка і Міхась Лынькоў: жыццёвыя паралелі”
Пятрусь Усцінавіч Броўка (1905-1980) – паэт, пісьменнік, перакладчык, акадэмік НАН Беларусі, народны паэт Беларусі (1962), дэпутат Вярхоўнага савета БССР (1947-1955) і Вярхоўнага Савета СССР (1956-1980).
Міхась Ціханавіч Лынькоў (1899-1975) – пісьменнік і літаратуразнаўца, акадэмік НАН Беларусі, дырэктар Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва НАН Беларусі (1943-1946, 1949–1952), народны пісьменнік Беларусі (1962), кандыдат у члены ЦВК БССР (1921-1931), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1940-1975).
Беларускія пісьменнікі Пятрусь Броўка і Міхась Лынькоў былі значнымі фігурамі ў літаратурным і палітычным жыцці БССР, выступалі з дыпламатычнымі місіямі за мяжой, былі актыўнымі прадстаўнікамі руху за мір. Яны займалі адказныя пасады кіраўніка Саюза пісьменнікаў БССР – Міхась Лынькоў з’яўляўся старшынёй СП БССР у перыяд з 1938 па 1948 гг., а Пятрусь Броўка займаў гэту пасаду з 1948 па 1967 гг. Абодва літаратары з’яўляліся галоўнымі рэдактарамі часопіса “Полымя рэвалюцыі”, пазней “Полымя” (Міхась Лынькоў – у 1933-1941 гг., Пятрусь Броўка – у 1941, 1945-1948 гг., бо ў гады Вялікай Айчыннай вайны выданне часопіса было прыпынена).
Пра першую сустрэчу Петруся Броўкі і Міхася Лынькова няма дакладных звестак. Магчыма, ёй стала з’яўленне абодвух пісьменнікаў на Усебеларускай канферэнцыі “Маладняка” 15-18 лютага 1928 года, што праходзіла ў Мінску. Міхась Лынькоў быў абраны членам “Маладняка”, а вось Пятрусь Броўка, наадварот, выйшаў з гэтай арганізацыі і далучыўся да “Беларускай літаратурна-мастацкай камуны” – футурыстычнай суполкі, якой кіраваў яго сябра Паўлюк Шукайла. У хуткім часе суполка распалася і Броўка, каб не быць “адшчапенцам”, вярнуўся ў “Маладняк”. Абодва літаратары – і Броўка, і Лынькоў – былі пэўны час кіраўнікамі філіялаў гэтай арганізацыі ў Полацку і Бабруйску суадносна. На фотаздымку (адлік злева направа) П.Броўка ў першым радзе пяты, М.Лынькоў у трэцім радзе першы.
Броўка пераехаў у Мінск у жніўні 1928 года, Лынькоў – у ліпені 1930. Прыкметна, што ў сталіцу краіны пісьменнікі прыехалі ўжо вядомымі ў друку, што спрыяла іх ўключэнню ў мінскае творчае асяроддзе. Пятрусь Броўка ўдзельнічаў у літаратурных імпрэзах і культурных мерапрыемствах, часта з’яўляўся ў Доме пісьменніка, каб папрацаваць у бібліятэцы ці выступіць на сходзе, друкаваўся ў часопісе “Маладняк”, яго зборнікі выходзілі ў ДВБ. Міхась Лынькоў быў прызначаны галоўным рэдактарам адзінага ў той час Дзяржаўнага выдавецтва БССР, таму сустрэчы з Броўкам, што пачынае там актыўна друкавацца з 1930 года, вядома, былі.
25-28 лістапада 1928 г. адбыўся Усебеларускі з’езд “Маладняка”, які прыняў пастанову аб стварэнні Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Лынькоў увайшоў у кіруючы склад БелАПП. Членамі новаўтворанай арганізацыі сталі П. Броўка, Я. Скрыган, А. Александровіч, А. Астрэйка, П. Галавач, А. Звонак, А. Куляшоў, М. Лынькоў, Р. Мурашка, П. Трус, М. Хведаровіч і інш. Праз два гады арганізацыя фактычна стала манапалістам у літаратуры.
У складзе пісьменніцкіх дэлегацый ды ў культурных вандроўках пісьменнікі разам аб’ездзілі вялікую колькасць беларускіх гарадоў і вёсак, сярод якіх Магілёў, Добруш, Віцебск, Гомель, Гродна, п. Ждановічы (зараз – частка г. Мінска). Ладзіліся творчыя вечары, канферэнцыі і мерапрыемствы, на якіх яны актыўна выступалі і ўдзельнічалі як паэты і публіцысты.
У 1930 годзе Міхась Лынькоў і Пятрусь Броўка (як і многія іншыя беларускія творцы) падалі заяўкі на ўступленне ў БелЛАЧАФ (Беларускае літаратурнае аб’яднанне Чырвонай арміі і флоту). Арганізацыя ставіла мэтай наладжванне супрацоўніцтва паміж беларускімі пісьменнікамі і вайскоўцамі і пасылала першых на месцы дыслакацыі вайсковых фарміраванняў для вывучэння асаблівасцей іх жыцця і гісторыі. У красавіку 1932 г. Лынькоў і Броўка нават удзельнічалі ў першай акруговай літаратурнай канферэнцыі памежных войскаў і войскаў АДПУ (Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне) БССР.
8 мая 1934 г. Пятрусь Броўка і Міхась Лынькоў былі прыняты ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Яны ўвайшлі ў склад беларускай дэлегацыі на I-м Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў у жніўні 1934 года, на якім фактычна аформіліся манапольныя пісьменніцкія арганізацыі краін СССР. З 597 дэлегатаў на з’ездзе з 17 жніўня па 1 верасня 1934 года прысутнічалі 17 пісьменнікаў Беларусі. Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва і іншыя літаратары былі дэлегатамі з правам вырашальнага голасу. З успамінаў Петруся Броўкі: “Мы з захапленнем сачылі за старэйшымі, прыслухоўваліся да іх, а вечарамі збіраліся ў каго-небудзь у гасцінічным нумары, а то і ў невялікім падвальчыку-рэстаранчыку на Цвярской, сёння вуліцы Горкага”.
У 1939 годзе творцы сталі ўдзельнікамі паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Міхась Лынькоў узначальваў у гэты час газету “Беларуская звязда” – орган палітупраўлення Беларускага фронту, а Пятрусь Броўка далучыўся да склада яе карэспандэнтаў, сярод якіх былі Пімен Панчанка, Пятро Глебка і Ілля Гурскі (сакратар). З нататак Міхася Лынькова “Из дневника”: “Что ни день – новое событие, новые вести, молниеносные рейды Минск – Волковыск – Белосток – Минск. За ночь туда и обратно. <…> Со всех концов к нам идут “личные” письма, заметки, корреспонденции. В поездке за материалом, чтобы не было обидно, ездили по очереди”.
На фотаздымку з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі – сустрэча пісьменнікаў М. Лынькова, М. Паслядовіча, Я. Купалы, М. Танка, П. Броўкі, Я. Бранеўскай. 26 снежня 1940 г. адбыўся творчы вечар Янкі Купалы ў Маскоўскім клубе пісьменнікаў, арганізаваным праўленнем СП СССР. Тады і прыехала беларуская дэлегацыя, у складзе якой былі вышэй названыя пісьменнікі. У хуткім часе да Саюза пісьменнікаў далучаюцца паэты з Заходняй Беларусі – Максім Танк, Міхась Машара, Анатоль Іверс, Піліп Пестрак.
Для развіцця міжкультурных сувязей паміж краінамі былога Савецкага Саюза ладзіліся дні, тыдні ці дэкады нацыянальных культур, падчас якіх праходзіў абмен дэлегацыямі творчай інтэлігенцыі, выходзілі пераклады прозы і паэзіі, арганізоўваліся сустрэчы з творцамі і іншыя мерапрыемствы, у друку размяшчаліся разнастайныя артыкулы аб культуры абранай краіны. Творцы неаднаразова былі разам у такіх вандроўках па СССР – як у 1930-я, так і ў пасляваенны час. Броўка піша ў адным з артыкулаў: “Мне давялося з народным паэтам Беларусі Янкам Купалам і Міхасём Лыньковым пазнаёміцца з многімі латышскімі пісьменнікамі, у тым ліку і з Янам Судрабкалнам (народны паэт Латвіі) у дні з’езда савецкіх пісьменнікаў Латвіі, у чэрвені 1941 г. у Рызе. <…> Я помню тыя дні, калі мы з прагнасцю аглядалі выдатныя помнікі культуры Рыгі, знаёміліся з культурай братняга латышскага народа. Паездкі ў Сігулду, сяброўскія сустрэчы, прыём у Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Латвійскай ССР Кірхенштэйна на Рыжскім узмор’і, сустрэчы з Андрэем Упітам, Вілісам Лацісам і Янам Сурдабкалнам (латышскія пісьменнікі). Мы адчувалі, што дружбе нашай расці і расці…”.
Костас Корсакас, латышскі паэт, успамінаў: “Раніцай 22 чэрвеня ў Дом Саюза пісьменнікаў прыйшлі Міхась Лынькоў і Пятрусь Броўка (Янка Купала застаўся ў гасцініцы), каб даведацца, што ж адбываецца. Абодва былі ўсхваляваныя, аднак не адразу паверылі, што пачалася вайна. М.Лынькоў нават паспрабаваў пераканаць нас, некалькіх прысутных тут літоўскіх пісьменнікаў, што хутчэй за ўсё гэта толькі ваенныя манеўры”. Адразу пасля таго, як беларусы паехалі з Латвіі, Рыгу пачалі бамбіць.
З першых дзён пісьменнікі далучаюцца да дзейнасці франтавых карэспандэнтаў. Міхась Лынькоў становіцца карэспандэнтам газеты Заходняга фронту “Красноармейская правда”, а з ліпеня 1941 па лістапад 1942 – адказны рэдактар газеты “За Савецкую Беларусь”, якая выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах. “За Савецкую Беларусь” – франтавая газета, якая выходзіла на беларускай мове з ліпеня 1941 да кастрычніка 1942 года, і была разлічана на насельніцтва Беларусі, часова акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і беларускіх партызанаў. Друкавала артыкулы пра мужнасць і гераізм партызанаў і інфармацыю пра падзеі на фронце і працоўны гераізм савецкага народа. Змяшчала творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Пімена Панчанкі, Максіма Танка і інш.
З канца чэрвеня 1941 года Броўка працаваў адказным сакратаром рэдакцыі агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У верасні 1941 года П.Броўка атрымаў прадпісанне ад Галоўнага палітычнага ўпраўлення Чырвонай Арміі аб тым, што ён назначаны супрацоўнікам рэдакцыі франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”.
Асабістыя трагедыі двух літаратараў становяцца аднымі з прычын іх актыўнага пасляваеннага ўдзелу ў руху за мір. Загінула ад рук немцаў сям’я Міхася Лынькова – яго жонка Хана Абрамаўна і сын Марык, знік без вестак брат Рыгор. Родныя Петруся Броўкі – яго маці Алена Сцяпанаўна, дзядзька Юльян, нявестка з двума дзецьмі і стрыечная сястра Настасся з сынам Алесем былі вывезеныя ў Асвенцым, адкуль вярнулася толькі Настасся. Малодшы брат паэта Канстанцін Броўка загінуў ад ран падчас выканання баявой аперацыі.
У канцы 1942 г. Пятрусь Броўка быў дэмабілізаваны. Ён змог забраць сям’ю (жонку Алену і сына Юрыя) з Алма-Аты. 1 студзеня 1943 года сям’я Броўкаў сустрэла ў цягніку, які вёз іх у Маскву. Магчыма, у гэты перыяд Міхасём Лыньковым і былі зроблены фотаздымкі Петруся і Юрыя Броўкаў, што захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі.
У 1943 г. Пятрусь Броўка стаў адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, таму супрацоўніцтва з Міхасём Лыньковым, які з’яўляўся старшынёй арганізацыі, адбывалася на больш цесным узроўні. У адным з лістоў гэтага перыяду Лынькоў піша Броўку: “Даверанасці на перавод газэт не даю. Няхай яны згараць з бюракратыяй”.
Пісьменнікі пicaлі артыкулы, дасылалі іх ў газеты i выступалі з iмi па радыё, супрацоўнічалі з партызанскім друкам. У Маскве было арганізавана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Разам з групай беларускіх пісьменнікаў Лынькоў і Броўка сталі аднымі з першых, хто вярнуўся у вызвалены Мінск 8 ліпеня 1944. На кватэры Міхася Лынькова па вуліцы Берсана больш за год знаходзіўся Саюз пісьменнікаў БССР.
У 1948 годзе на рэспубліканскім сходзе беларускіх пісьменнікаў было вырашана стварыць сакратарыят з пяці сакратароў на чале з галоўным сакратаром і вызваліць з пасады старшыні Саюза пісьменнікаў БССР М.Лынькова. З выступу П.Глебкі: “Тав. Лынькоў кіруе адной са складаных галін нашай літаратурнай працы – ён з’яўляецца загадчыкам сектара літаратуры нашай Акадэміі навук. Праўленне прызнала, што сумяшчаць гэтыя дзве работы цяжка, бо не застаецца часу для творчай працы і праўленне знайшло магчымым задаволіць просьбу тав. Лынькова і вызваліць яго ад абавязкаў старшыні праўлення Саюза совецкіх пісьменнікаў. <…> Праўленне пастанавіла прызначыць галоўным сакратаром Броўку Пятра Усцінавіча, сакратара па прозе Міхася Ціханавіча Лынькова, сакратара па драматургіі тав. Кандрата Кандратавіча Крапіву, сакратара па паэзіі Аркадзя Куляшова і сакратара па агульным пытанням тав. Кавалёва Паўла Нікіфаравіча”.
У пасляваенных умовах былы Дом творчасці і адпачынку пісьменнікаў у Мар’інай Горцы было вырашана аддаць для хворых на сухоты чырвонаармейцаў. У той жа час выявілася, што пад Мінскам стаіць пустым паляўнічае лецішча былога старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Нічыпара Наталевіча, якога знялі з пасады і адправілі ў 1947 г. у Пензенскую вобласць падымаць гаспадарку. З падачы Петруся Броўкі, згодна ўспамінам Паўла Кавалёва, былое лецішча пераўтварылася ў Дом творчасці “Каралішчавічы”: “Помню, як Пятрусь Усцінавіч, усхваляваны і ўстурбаваны, прыйшоў у Саюз і загадаў мне неадкладна пісаць пісьмо ў СП СССР, каб даручылі Літфонду выдзеліць нам сродкі для пабудовы свайго Дома творчасці. З тым пісьмом мне давялося ехаць у Маскву да А. Фадзеева, які дапамог атрымаць патрэбныя грошы. Даведаўшыся, што грошы ёсць, П.К. Панамарэнка згадзіўся, каб тую каралішчавіцкую дачу аддалі пад Дом творчасці пісьменнікаў”.
Сваю назву Дом адпачынку атрымаў ад суседняй вёскі Каралішчавічы. Бывала, што таксісты, якія везлі пісьменнікаў і іх сем’і ў Дом творчасці, блыталі дарогу і адвозілі не ў тыя “Каралішчавічы”. Тут атрымалі магчымасць жыць і працаваць многія вядомыя пісьменнікі – Якуб Колас, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Іван Шамякін, Максім Лужанін, Яўгенія Пфляўбаўм, Канстанцыя Буйло. Былі сярод пастаяльцаў і Пятрусь Броўка, і Міхась Лынькоў.
У канцы 1950-х гадоў на сцежцы, што вяла да сталовай, была абнесена ланцужкамі сасна і напісана “Тут любіў адпачываць Народны пісьменнік БССР Якуб Колас”. У адным з лістоў да Коласа Броўка пісаў: “Папраўляйцеся ды прыязджайце ў Камарышчавічы. Да таго часу камары знікнуць, а так, калі прыгледзішся да таго, якія прыгожыя вакол сосенкі, ды бярозкі, ды наслухаешся іхняга шуму, дык сапраўды на душы добра!”.
Распарадак дня звычайна быў такі: раніцай хто вандраваў, а хто адразу садзіўся за работу, пасля абеду дарослыя чыталі, заводзілі гутаркі ці, пабраўшы кіі, выходзілі на шпацыр у ягады і грыбы, а маленькія дзеці бегалі за матылямі. Вечарам запальвалася вогнішча, для якога выкарыстоўваліся смольныя карчы. Кіраваў працэсам Міхась Лынькоў, які часта “працаваў” і карэспандэнтам – многія фотаздымкі каралішчавіцкага часу зрабіў менавіта ён.
У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва захаваліся два лісты Петруся Броўкі да Міхася Лынькова, напісаныя ў сяброўскім тоне. У першым з іх (1950) Броўка піша пра свой адпачынак у Дубултах і просіць працягнуць адпачынак жонцы – Алене Міхайлаўне. Пачынаецца ліст такімі радкамі: “Дарагі Міхал! Шлю табе ад хладнай Балтыкі гарачы прывет. У вас там у лесе ў Каралішчавічах відаць цяплей, а ў нас дак з мора такое вятрыска, што аж да касцей працінае”.
У другім (1962) паэт віншуе з ганаровым званнем народнага пісьменніка Беларусі і завяршае ліст так: “Пасылаю гэтае пісьмо на ўдачу, адрасу не ведаю, я даўно табе б напісаў, каб быў упэўнены, што пісьмо дойдзе. Шлю табе і Сафіі Захараўне шчырае прывітанне і паклон ад “Мінскага мора” возеру Нарач!”. У гэты перыяд пісьменнік быў у вандроўках па школах Смаргоншчыны і Мінскай вобласці, наведаў таксама і літоўскія школы.
Пятрусь Броўка і Міхась Лынькоў пакінулі значны ўклад у культуру і развіццё нашай краіны не толькі як пісьменнікі, а таксама як дэпутаты і прадстаўнікі беларускай культуры ў народах свету.
Як член дэлегацыі БССР Міхась Лынькоў неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1945, 1952, 1953, 1954, 1955). У перыяд з 1 мая па 5 ліпеня 1945 года Міхась Лынькоў знаходзіўся ў складзе беларускай дэлегацыі, якая прымала ўдзел у канферэнцыі па стварэнні ААН. Па выніках быў апублікаваны артыкул “Аб культурных сувязях”, надрукаваны нататкі “З падарожжа ў Амерыку”.
Падчас удзелу ў канферэнцыі ААН у Сан-Францыска Міхась Лынькоў атрымаў і захаваў у сябе інфармацыйны буклет – “вінную карту Каліфорніі”, што захоўваецца зараз у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Згодна буклету, дэлегатаў ААН запрашалі пакаштаваць гатункі каліфарнійскіх він.
Па сканчэнні місіі беларуская дэлегацыя вярталася з-за акіяна трансатлантычным маршрутам Нью-Ёрк – Шэрбур (Францыя) на лайнеры “Каралева Мэры” (“Queen Mary”) брытанскай кампаніі “Cunard Line”. Плаванне займала каля 3 дзён, таму лайнер лічыўся адным з самых хуткіх у Атлантыцы. Паэт вырашыў захаваць на памяць святочнае меню на 14 снежня 1959 года, якое называлася Christmas Gala Dinner і прадстаўляла шырокі выбар страў і напояў на любы густ.
Пасля вайны Міхась Лынькоў працаваў галоўным чынам у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. Навукова-літаратуразнаўчая дзейнасць Міхася Лынькова абмяжоўвалася пераважна артыкуламі аб дзейнасці асобных пісьменнікаў. Таксама пісьменнік ствараў рэцэнзіі на працы літаратуразнаўцаў аб творчасці сваіх калег. Так, у рэцэнзіі на манаграфію Марыі Барсток “Пятрусь Броўка” Міхась Ціханавіч пісаў: “Пасля ўнясення ўказаных правак брашуру можна пускаць у друк”.
У 1967 годзе Пятрусь Броўка прыступіў да абавязкаў галоўнага рэдактара Беларускай савецкай энцыклапедыі (БелСЭ) – першай у краіне ўніверсальнай энцыклапедыі на беларускай мове. Адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя” Алесь Петрашкевіч узгадваў: “Ён сабраў бліжэйшых да сябе людзей – Скрыгана, Казеку, мяне, і яго ўдарная такая фраза была: “Хлопцы, па магчымасці будзем рабіць энцыклапедыю чэсную, праўдзівую”.
Гады працы над 12-томнай беларускай энцыклапедыяй сталі не толькі рэвалюцыйным этапам у развіцці нацыянальнага кнігавыдання, але і часам творчага ўздыму і згуртавання інтэлектуальных сіл для напісання вялікага летапісу Беларусі. За 1967-1975 гг. выйшла 12 тамоў, а над яе выданнем працавалі больш за 5 тысяч чалавек. Звярталіся за напісаннем артыкулаў і тлумачэннямі інфармацыі і да Міхася Лынькова. Рэдакцыя народнай асветы і друку БелСЭ дасылала артыкулы для праўкі пра газеты “За Савецкую Беларусь”, прасіла падрыхтаваць артыкул пра газету “Беларуская звязда”.
Пісьменнікі станавіліся своеасаблівымі “суседзямі” на групавых шаржах беларускіх мастакоў. Так, прадстаўлены шарж аўтарства Евеля Ганкіна выйшаў у часопісе “Вожык” у верасні 1954 года з нагоды Трэцяга з’езда пісьменнікаў БССР. Ён прысвечаны шэрагу беларускіх пісьменнікаў: узначальвае працэсію Якуб Колас, за ім ідуць Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пятро Глебка і іншыя.
Рэдакцыя часопіса пад калектыўным подпісам “Вожык” пад шаржам змясціла верш:
Сягоння векапомны дзень:
На з’езд свой армія ідзе,
Хоць невялікая па ліку,
Ды кожны з іх, таварыш мой,
Ці-то малы, ці-то вялікі,
Літаратурны выйграў бой.
К штыху прыроўнены іх пёры,
Аб гэтым знае друг і вораг
Сябры-пісьменнікі, я вас
Вітаю шчыра ў добры час!
У асабістай бібліятэцы Петруся Броўкі прадстаўлена 14 кніг Міхася Лынькова: “Апошні зверыядавец” (1931), “Андрэй Лятун” (1932, 1936), “На чырвоных лядах” (1934), “Баян” (1935), “Міколка-паравоз” (1937), “Выбраныя апавяданні” (1938), “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” (1940), “Апавяданні” (1947), “Выбраныя апавяданні” (1947), сценаграма лекцыі Лынькова “Беларуская савецкая літаратура за 30 год” (1948, на беларускай і рускай мовах), раман “Векапомныя дні” у двух выданнях (1951, 1958), літаратуразнаўчая праца “Летапіс эпохі: беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год” (1968).
Сярод прадстаўленых выданняў – два з аўтографамі аўтара. Так, свой раман “Векапомныя дні” Міхась Лынькоў падпісаў у падарунак Броўку двойчы – у 1952 і ў 1959 гадах. Першае выданне рамана-эпапеі Лынькоў падпісаў словамі “Пятру Усцінавічу / на добры ўспамін / Міхась Лынькоў / 16.II.1952 г.”. Другое, поўнае, выданне кнігі празаік падпісаў так: “Пятрусю Броўку / на памяць аб гадах / мінулых / З прыязню / Міхась Лынькоў / 28.III.1959 г.”. Гэта быў першы буйны твор у беларускай літаратуры пра народную барацьбу з фашыстамі і партызанскі рух.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца кнігі Петруся Броўкі, у тым ліку са збору Міхася Лынькова. Але на дадзеных асобніках няма дарчых надпісаў для Міхася Лынькова. Магчыма, кнігі з аўтографамі Петруся Броўкі народнаму пісьменніку Беларусі будуць выяўлены і прыняты ў фонды музея ў будучыні.