“Ходзіць хата, ходзіць печ” – спяваюць у прыпеўцы, па-заліхвацку танцуючы польку. У вёсках моладзь ды і ўсе ахвочыя, каб выпрабаваць свой абутак на трываласць, ладзілі танцы ў розных хатах, па чарзе.
Мы ж “хату” не мяняем, а з радасцю паведамляем вам, што яшчэ ў адзін халодны лістападаўскі вечар танцамі ды ўсмешкамі можна будзе сагрэцца на другой танцавальнай вечарыне ў Літаратурным!
“Гуляць” танцы па традыцыі будзем разам з сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. З вялікімі жаданнем і асалодай яны вывучаюць і практыкуюць беларускія танцы. Яны ж будуць добрым арыенцірам на танцпляцы для тых, хто захоча пазнаёміцца з асноўнымі рухамі таго ці іншага танцу.
Традыцыйныя танцы адносяцца да так званых сацыяльных танцаў. Гэта значыць, што ўсе жадаючыя – танцоры, няма тых, хто на сцэне і хто ў глядацкай залі. Такі танец гуртуе, гэта асаблівы спосаб камунікацыі, магчымасць пазнаёміцца і знайсці аднадумцаў.
Атмасферу сапраўднай беларускай вечарыны створаць музыкі-аматары. Яны зайграюць Лявоніху, Кракавяк, Грачанікі, Вераб’я, Каханачку ды многія іншыя танцы, пра якія і сёння з агеньчыкам у вачах распавядаюць вясковыя старажылы. Не абыдзецца без полек, абэркаў і вальсоў. Сярод традыцыйных музычных інструментаў – скрыпка, цымбалы, басэтля, дуда, гармонік, акардэон, бубен, барабан.
Танцавальная вечарына – гэта імпрэза, дзе збіраюцца прадстаўнікі розных прафесій, узростаў і сацыяльных статусаў, тыя, каго аб’ядноўвае любоў да свайго, цікавасць да беларускай традыцыі.
Час: 29 лістапада, 19:00 – 22:00.
Уваходны квіток: 10 рублёў.
Усіх сардэчна запрашаем!
Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.
Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.