“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.
Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!
Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.
Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.
Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы наведаем Хату-музей Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку.
Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефоне: +375 (17) 342-09-81.
Кошт – 50 руб. (аплата толькі наяўнымі).
Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава – 3 руб. наяўнымі.
ПРАГРАМА ЛІТАРАТУРНАГА ПАДАРОЖЖА “1.1.1”
(23 чэрвеня 2024 г.)
6.45 |
Збор удзельнікаў на паркоўцы паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ЖК “Маяк Мінска” (ст. метро “Усход”). |
7.00-9.40 |
Пераезд да “Крыніцы паэтаў”. |
9.40-10.10 |
Наведванне “Крыніцы паэтаў”. |
10.10-11.00 |
Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні. |
11.00-13.00 |
Наведванне дома Рыгора Барадуліна. |
13.00-14.00 |
Наведванне г.п. Ушачы. |
14.00-14.05 |
Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін. |
14.05-14.30 |
Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна. |
14.30-15.30 |
Пераезд да Сядзібы-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні. |
15.30-16.30 |
Наведванне Сядзібы-музея Васіля Быкава. |
16.30-17.30 |
Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні. |
17.30-19.00 |
Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі. Ускладанне кветак да помніка маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны. |
19.00 |
Адпраўленне аўтобуса на Мінск. |
22.00 |
Прыбыццё аўтобуса ў Мінск. |
Каб напоўную атрымаць асалоду ад падарожжа, неабходна мець пры сябе:
- Добры настрой.
- Кубак, каб піць з крыніцы.
- Талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку.
- Кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання ля помнікаў Р.Барадуліна і В.Быкава, на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.Броўкі.
- Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
- Вада, бутэрброды (калі забылі — можна набыць у мясцовай кулінарыі танную выпечку, а ваду набраць з крыніцы).
- Рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).