Дабрачынная экскурсія, прысвечаная Змітраку Бядулю
Запрашаем на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў музея “Беларуская хатка” – класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю. Разам з сёстрамі Рэняй і Геняй ён пражыў у гэтым доме з 1915 па 1918 гады. Тут у кастрычніку 1916 года Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу, саступіўшы яму самы вялікі пакой.
Прапануем цікавае падарожжа па экспазіцыі дома-музея, названага ў гонар клуба мінскай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры.
Шмат што перажыў і памятае гэты будынак. Мноства даўніх падзей, шчымлівых успамінаў, хвалюючых гісторый гатова паўстаць тут скрозь заслону часу і загучаць для тых, хто хоча слухаць…
На экскурсіі вы больш даведаецеся пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка, чые творы былі ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Вы адкрыеце для сябе Змітрака Бядулю як актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX ст. у Мінску.
Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай – заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку.
Кошт: 20 руб. (гэта будзе ваш унёсак у важную і ганаровую справу).
Калі: 06/04/2024, 15:00.
Дзе: г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19 (філіял “Беларуская хатка”).
Запіс па тэл. +375 (17) 363 94 65 або праз паведамленні ў сацыяльных сетках.
Для даведкі:
Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік) – выбітны сын беларускай зямлі, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 3 лістапада 1941 г., ён памёр у эвакуацыі каля г.Уральск (Казахстан), дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках. Намаганнямі дзяржавы і грамадскасці, насуперак шматлікім складанасцям, была арганізавана работа па вяртанні яго на Бацькаўшчыну. Пры арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прыхільнікаў таленту пісьменніка 3 лістапада 2020 года адбылося перапахаванне яго парэшткаў на Усходніх могілках у Мінску.
Напрыканцы вясны 2023 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ініцыяваў збор сродкаў на вытворчасць і ўстаноўку надмагільнага помніка Змітраку Бядулю (аўтар эскіза – скульптар С.Гумілеўскі). Музею неабходна было сабраць 12,5 тысяч беларускіх рублёў. На дадзены момант, дзякуючы неабыякавасці ўсіх, хто адгукнуўся на заклік аб дапамозе, на дабрачынным рахунку назбіралася 10,1 тыс.руб. Такім чынам 2 400 рублёў – сума, якую застаецца сабраць. Збор працягваецца.
Увага! Далучыцца да збору сродкаў на стварэнне надмагільнага помніка можна таксама, наўпрост зрабіўшы ўнёсак на дабрачынны рахунак. Тлумачым, як гэта можна зрабіць, на прыкладзе мабільнага дадатка “M-Belarusbank”:
Абіраеце пункты: Платежи>Перевод по реквизитам
Запаўняеце палі:
ФИО
УНП плательщика (неабавязкова)
Адрес плательщика (неабавязкова)
Получатель: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
УНП получателя: 190269032
Счёт получателя: BY15AKBB36429000005530000000 (літары абавязкова лацінскія)
БИК банка получателя: AKBBBY2X (літары – лацінскія)
Код назначения платежа: 999
Назначение: стварэнне помніка Змітраку Бядулю.