Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальны праект да 95-годдзя з дня нараджэння Паўла Місько

У гэтым годзе спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта, публіцыста, перакладчыка і драматурга – Паўла Андрэевіча Місько!

Нарадзіўся будучы пісьменнік 14 сакавіка 1931 года ў вёсцы Старцэвічы (зараз Сцяг) Слуцкага раёна, у сялянскай сям’і. Яго дзед і бацька былі вядомымі майстрамі на ўсе рукі: маглі і хату збудаваць, і мэблю змайстраваць, і печ скласці. А маці, Ганна, славілася як выдатная казачніца.

Да Вялікай Айчыннай вайны Павел Місько скончыў два класы Старцэвіцкай школы з ганаровай граматай, і пасля вызвалення вёскі як здольны вучань адразу пайшоў ў пяты клас. Потым будучы пісьменнік працягнуў вучобу ў Слуцкай СШ №10 (1947–1950). Творчыя здольнасці Павел Андрэевіч пачаў праяўляць падчас удзелу ў школьных пастаноўках, якія наладжваў драмгурток. Будучы пісьменнік пасля школы хацеў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут, але лёс распарадзіўся інакш, і малады чалавек стаў студэнтам факультэта журналістыкі БДУ.

Да студэнцкіх гадоў адносяцца першыя літаратурныя пробы ва ўніверсітэцкіх шматтыражках. Дэбютаваў пісьменнік у 1954 годзе. Павел Місько пачаў выступаць у рэспубліканскіх газетах з нарысамі. Пасля завяршэння навучання, у 1955 годзе, працаваў адказным сакратаром і намеснікам рэдактара раённай газеты “Сцяг Леніна” ў г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. 

У 1959 годзе аўтар уступіў у Саюз журналістаў СССР. З гэтага перыяду пачалася актыўная праца Паўла Місько ў выдавецтвах. Ён быў уласным карэспандэнтам газеты “Звязда” па Гродзенскай вобласці, менавіта ў гэты перыяд пісьменнік пазнаёміўся і пасябраваў з Васілём Быкавым. Нават у музеі захоўваецца віншавальная тэлеграма ад Паўла Місько да народнага пісьменніка Беларусі.

Акрамя гэтага Павел Андрэевіч паспеў пабываць літаратурным супрацоўнікам “Сельскай газеты”, загадчыкам аддзела культуры выдання “Літаратура і мастацтва”. У пачатку 1970-х працаваў у часопісе “Полымя” загадчыкам аддзела навукі і мастацтва  і загадчыкам рэдакцыі прозы. У канцы 1970-х гг. быў намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

1960-я гг. адзначыліся для аўтара асабістымі літаратурнымі дасягненнямі. У свет пачалі выходзіць кнігі нарысаў “Адмаўленне ад крыжа” (1964), “Гаспадыні свайго лёсу” (1968), “Дрэва жыцця” (1973), а таксама зборнікі апавяданняў і аповесцей “Калодзеж” (1967), зборнікі гумару і кнігі прозы для дзяцей. У гэты ж перыяд Павел Місько становіцца членам Саюза пісьменнікаў СССР і БССР (1968).

Значнай у творчасці мастака стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі трагічнай гісторыі адлюстраваны ў зборніку “Калянае лісце” (1974), раманах “Мора Герадота” (1976) і “Хлопцы, чые вы будзеце…” (1989–1992). 

Раман “Мора Герадота” (1976) – праўдзівы, сумленны твор пра чалавека на вайне, пра шляхі нашай Перамогі, пра масавы гераічны рух на Палессі. Гэта першы буйны твор пісьменніка. У гэтым рамане аўтар малюе шырокую карціну партызанскага руху на Палессі 1942-1944 гадах, распавядае пра складаныя лёсы людзей на вайне, аб нялёгкіх шляхах да Перамогі. Гэты аповед аб незвычайнай мужнасці, аб гераізме тых, хто, спасцігаючы “азбуку ляснога жыцця” выяўляў цуды адвагі ў барацьбе з фашызмам. Лёс герояў “Мора Герадота” прадоўжаны ў рамане “Хлопцы, чые вы будзеце?”.

Нягледзячы на значныя поспехі ў творчасці для дарослых, асноўным літаратурным прызначэннем Паўла Місько стала дзіцячая літаратура. Ён з’яўляецца аўтарам казак і фантастычных кніг. Першым творам, напісаным для юнага чытача, стала дакументальная аповесць “Падарожжа ў калгас” (1970). Сапраўдную вядомасць у галіне дзіцячай літаратуры Паўлу Місько прынесла гумарыстычная аповесць “Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі” (1972). У творы апісваюцца падзеі аднаго месяца з жыцця хлапчукоў-аднагодкаў. Аповесць не толькі пра вясёлыя гульні, жарты і прыгоды сяброў. Гэты твор глыбокай эстэтычна-выхаваўчай і педагагічнай танальнасці. Аўтар паказаў, як бесклапотныя неслухі ў сваёй першароднай душэўнай чысціні, непасрэднасці ўспрымальнасці свету могуць быць незвычайна таленавітымі, стараннымі, акуратнымі, сумленнымі дзецьмі.

Захапляльныя сюжэты таксама ў такіх дзіцячых творах, як “Прыгоды Бульбобаў” (1977), дзе расповед ідзе ад імя шчанюкоў, і, канешне ж, “Эрпіды на планеце Зямля” (1987), пра тое, як на нашу планету прылятаюць разведчыкі-робаты іншай цывілізацыі. Прыгодніцкія традыцыі нацыянальнай  літаратуры пісьменнік наследуе і ў аповесці “Грот афаліны” (1985). Асноўныя дзеянні разгортваюцца на фоне паступовага сталення дванаццацігадовага хлопца Янга Сінха, маленства якога прайшло на адным з астравоў архіпелага Вясёлы. Аповесць “Грот афаліны”  у 1989 годзе на ўсесаюзным літаратурным конкурсе была адзначана спецыяльным дыпломам.

Пісаў Місько і казкі — “Прыйдзі, дзень-залацень” (1993), дзе распавядаецца аб прыгодах і сталенні хлопчыка Ваняткі, і “дзіцячую публіцыстыку” — “Зямля ў нас такая” (1974).

Аўтар ставіў перад сабой задачу фарміравання духоўнай гарманічнай асобы; у яго творах адчуваецца хваляванне за будучае дзяцей, пісьменнік імкнуўся навучыць іх берагчы прыроду, непаўторнасць роднай мовы, сцвярджаў веру ў непераможную сілу сяброўства.

Павел Місько меў адкрыты, добры характар, ставіўся да жыцця з гумарам. Адпаведна, не маглі не ўзнікнуць і сатырычныя творы: “Дзівак — чалавек” (1972), “Чэрці ў коміне” (1978), “Вясельны марафон”(1984), “Лекцыя з падвывам” (1988), “Адарка і пацукі” (2001).

А апошняя кніга прозы Паўла Андрэевіча — “Прыгавораны да жыцця” — выйшла ў 2007 годзе. У яе ўвайшлі творы, якія былі напісаныя ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў і адлюстроўваюць псіхалогію чалавека на пераломе гісторыі. Рэальнае ў іх пераплятаецца з фантастычным, а фантастычнае — з антыўтопіяй. Аповесці, дзеянне якіх адбываецца на абшарах ад чарнобыльскай вёскі да далёкіх планет, не пакінуць абыякавымі аматараў вострых адчуванняў.

Пісьменнік паспеў праявіць сябе і як драматург, яго вядомымі п’есамі з’яўляюцца: “На зачараваным востраве, ці Баба Яга Залатая Нага”, “Канфлікт мясцовага значэння”, “Змяя-спакушальніца”. Творы Паўла Місько перакладзены на розныя мовы. Сам жа аўтар пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М.В. Гогаля, казку П.П. Яршова “Канёк-гарбунок”, паасобныя творы У.Ф. Цендракова, У.У. Лічуціна, Я.І. Носава, В.І. Бялова, К.І. Чукоўскага і іншыя творы з рускай, украінскай, балгарскай, польскай моў.

Памёр Павел Місько ў 2011 годзе ва ўзросце 80 гадоў.

У фондах Літаратурнага музея захоўваюцца прадметы з асабістага архіва аўтара. Да іх адносяцца кнігі, дакументы, графіка, рукапісы, фатаграфіі і інш. Пісьменнік падтрымліваў кантакт са шматлікімі беларускімі літаратурнымі дзеячамі, таму ў музеі можна сустрэць кнігі з аўтографамі Паўла Місько да Лукшы В.А., Гарбука В.С., Васілевіч А.С., Коўтун В.М, Бураўкіна Г.М., Русецкага А.С., Ялугіна Э.В., Паўлава У.А. Нават прысутнічае аўтограф да самога Паўла Місько ад брата яго жонкі, жыццё якога было звязана з Байканурам, а таксама захоўваецца кніга з дароўным надпісам пісьменніка да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

З асабістага архіва Арлена Кашкурэвіча і Адама Глобуса ў фонды музея паступілі графічныя работы, якія з’яўляліся макетамі да літаратурных твораў Паўла Місько: да кнігі “Чэрці ў коміне” і аповесці “З кім ісці ў разведку”.

Невялікую калекцыю складаюць фатаграфіі с выявай Паўла Місько разам з іншымі беларускамі пісьменнікамі.

Сярод калекцыі “Рукапісы” захоўваецца рукапісны аўтарскі варыянт апавядання “Зялёныя змеі”, якое было выдадзена ў 2004 годзе і ўвайшло ў зборнік “Прыгавораны да жыцця”.

Гэта фантастычна-прыгодніцкі твор, які распавядае пра таямнічыя і небяспечныя з’явы, што адбываюцца ў вёсцы, калі ў небе з’яўляюцца загадкавыя “зялёныя змеі”. Твор спалучае элементы дэтэктыва і сацыяльнай прозы, даследуючы чалавечыя характары праз прызму незвычайных падзей. Аўтар  акцэнтуе ўвагу на паводзінах людзей, іх страхах і мужнасці ў сутычцы з невядомым.

Такім чынам, творчасць Паўла Місько не засталася не заўважанай. Ён увайшоў у літаратуру як таленавіты пісьменнік для дарослых і дзяцей, а таксама як драматург і перакладчык. Яго кнігі вучаць спагадзе, сяброўству, справядлівасці, узаемадапамозе, дапамагаюць пазнаць свет дабрыні і прыгажосці.

Close Menu