“Праз пажарышчаў дым…”
22 чэрвеня 1941 года застала сям’ю Броўкаў раскіданай па розных мясцінах: Пятрусь Усцінавіч быў у Каўнасе, Алена Міхайлаўна – у Мінску, а маленькі Юра з няняю – у Доме творчасці пісьменнікаў у Пухавічах. Была нядзеля. Алена, як і збіралася, паехала да сына. Пра пачатак вайны яна даведалася па радыё з прамовы Молатава ў сталовай Дома творчасці, дзе якраз спакойна паіла сына малаком. Як успамінала Алена Міхайлаўна, яны “не вельмі разумелі спачатку ўвесь страх таго, што навальвалася. Усё здавалася, што праз два тыдні вайна скончыцца, мы будзем ваяваць на чужой тэрыторыі і гэтак-гэтак далей. […] Прабылі мы ў Пухавічах дні тры. Бачылі, як едуць машыны, поўныя бежанцаў, дзяцей, людзей, якія расказваюць пра бамбёжкі на дарозе. Мы іх кармілі ў доме адпачынку. А самі сядзелі і не ведалі, што нам рабіць. […] А начамі было ўжо відаць зарава – гарэў Мінск: яго бамбілі”.
Раніцаю 25 ці 26 чэрвеня з Мінска ў Пухавічы пешшу прыйшлі Пятрусь Броўка, Віталь Вольскі, Алесь Кучар і пляменніца Янкі Купалы Дзюня Раманоўская. Яны выпадкова трапілі на машыну, якую кінулі, бо скончыўся бензін, заправілі яе бензінам з дома творчасці, пагрузілі пісьменніцкія сем’і і прасёлачнымі дарогамі паехалі на ўсход. У Рослаўлі (Смаленская вобласць) машыну забралі ў вайсковую часць, мужчын адправілі на абарону Магілёва, а жанчын з дзецьмі пагрузілі ў таварны вагон і павезлі далей на ўсход.
З Магілёва Петруся Броўку хутка пераводзяць у Гомель, дзе 29 чэрвеня 1941 года назначаюць адказным сакратаром рэдакцыі агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.
“Раздавім фашысцкую гадзіну” – сатырычнае выданне ЦК КП(б)Б, якое выходзіла з ліпеня 1941 да мая 1945 года, першапачаткова на рускай і беларускай, потым на беларускай мове. Выдавалася спачатку ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, у Нова-Беліцы і Мінску пасля вызвалення іх ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Засылалася ў тыл для насельніцтва і партызан Беларусі. З выданнем супрацоўнічалі Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Васіль Вітка, Максім Танк і інш., мастакі Заір Азгур, Віталій Букаты, Генрых Вальк і інш.
Ёсць некалькі версій паходжання назвы выдання. Згодна адной, у першыя дні вайны гомельскі дзевяцікласнік Віталій Букаты на ўваходзе ў мясцовы парк намаляваў карціну “Тры савецкія волаты”. Міма праходзілі літсупрацоўнікі нядаўна створанай рэдакцыі сатырычнага плаката, якіх зацікавіла палатно хлопца. Віталій патлумачыў, што тры волаты – гэта воін, рабочы і селянін, якія “раздавяць фашысцкую гадзіну”. Так канчаткова зацвердзілася назва плаката-газеты, а юнаму мастаку прапанавалі супрацоўніцтва з новым выданнем.
Іншая версія ёсць ва ўспамінах Заіра Азгура. Над назвай агітплаката пісьменнікі пачалі думаць яшчэ па дарозе з Магілёва ў Гомель. П.Броўка горача даказваў, што сама назва павінна біць па ворагу, і прапанаваў загаловак “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, бо у ім была і пэўная накіраванасць, і метафарычнасць, і патрабавальны заклік-загад.
У верасні 1941 года П.Броўка атрымаў прадпісанне ад Галоўнага палітычнага ўпраўлення Чырвонай Арміі аб тым, што ён назначаны супрацоўнікам рэдакцыі франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”.
“За Савецкую Беларусь” – франтавая газета, якая выходзіла на беларускай мове з ліпеня 1941 да кастрычніка 1942 года, і была разлічана на насельніцтва Беларусі, часова акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і беларускіх партызанаў. Друкавала артыкулы пра мужнасць і гераізм партызанаў і інфармацыю пра падзеі на фронце і працоўны гераізм савецкага народа. Змяшчала творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Пімена Панчанкі, Максіма Танка і інш. Рэдактарам газеты быў Міхась Лынькоў.
З канца 1942 года П.Броўка знаходзіцца ў Маскве і супрацоўнічае з партызанскім друкам. Паэт пiша вершы, артыкулы, змяшчае ix у газетах i выступае па радыё.
Ваенная творчасць Петруся Броўкі ўзрушала чытачоў сваёй шчырасцю, паэзія выяўляла тое, што было ў сэрцы лірычнага героя, воіна-паэта, змагара-патрыёта. Трывога і боль за Айчыну, жаданне вярнуцца на родную зямлю, нянавісць да захопнікаў-злачынцаў і вера ў перамогу добра суадносіліся з пачуццямі і перажываннямі людзей. Сваю веру Пятрусь Усцінавіч выказваў у вершах “Песня беларускіх партызан”, “Будзем сеяць, беларусы”, “Тры браты”, “Маці”. У 1943 г. выйшлі зборнікі вершаў “Насустрач сонцу” і “К родным берегам”. Паэт адлюстраваў у сваёй творчасці розныя этапы вайны, паказаў трагічнае і гераічнае ў ёй, стварыў яркія карціны беларускай прыроды.
З пачаткам вызвалення тэрыторыі Беларусі ў верасні 1943 года, П.Броўку пачынаюць адпраўляць у вызваленыя раёны з рэдакцыйнымі заданнямі. 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск. Разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі П.Броўка вярнуўся ў родны горад.