Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Лужаніна

2 лістапада 2019 года споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, кінадраматурга, перакладчыка — Максіма Лужаніна (1909-2001).

Максім Лужанін (1) (сапр. Аляксандр Амвросьевіч Каратай) нарадзіўся ў в. Прусы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Салігорскі раён, Мінская вобласць). Бацька пісьменніка Амвросі Сямёнавіч Каратай вельмі любіў кнігі. Мабыць, гэта перадалося і малодшаму сыну Алесю (так звалі малога дома) (2).
Будучы паэт рана навучыўся чытаць. Свет роднай мовы яму адкрыла кніга Я.Купалы “Шляхам жыцця” (3). У 1924 годзе ён закончыў сямігодку ў Чырвонай Слабадзе і паступіў у Мінскі белпедтэхнікум. Сярод яго аднакурснікаў былі П.Глебка, С.Дарожны, В.Казлоўскі (4). Разам з П.Глебкам і П.Трусам пад агульным псеўданімам «Шаўцы» рыхтавалі газету «Чырвоны прамень». Вясной 1925 М.Лужанін быў прыняты ў літаб’яднанне “Маладняк” (5)У 1928 – 1930 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ. Потым працаваў сакратаром у рэдакцыі часопіса “Узвышша” (1931) (6), дзе пачаў публікаваць свае вершы яшчэ ў 1927 годзе  (7, 8), рэдактарам на Беларускім радыё (1931-1933). Улетку 1931 ажаніўся з Яўгеніяй Пфляўмбаўм, беларускай паэткай і перакладчыцай (9). Быў хросным бацькам Тадзіяны Кляшторнай — дачкі беларускага паэта Тодара Кляшторнага.

З 1935 па 1941 гады працаваў рэдактарам-арганізатарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў Савецкую Армію. У 1942 годзе скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча, удзельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам. Актыўна супрацоўнічаў з сатырычнай газетай-плакатам “Раздавім фашысцкую гадзіну” (10, 11), часопісам “Беларусь” і газетай “Савецкая Беларусь”. Лепшымі творамі ваеннага часу сталі вершы “Пачатак”, “Прысяга”, “Шынель”, “Франтавік”, Васілёк”, “Разлік” і інш. Творы ваеннай пары сабраліся потым у асобную кнігу пад назваю “Шырокае поле вайны” (12), якая выйшла ў 1945 г. Пасля дэмабілізацыі, у 1944 годзе, загадваў аддзелам культуры ў рэдакцыі газеты “Звязда” (13, 14), працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса “Вожык”, рэферэнтам у АН БССР. З 1959 член сцэнарнай калегіі, у 1967-1972 – галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”. Як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1968). Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1967 – 1985. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1943 г. (15, 16)

Першы верш М.Лужаніна “Звоніць восень” быў надрукаваны ў 1925 у часопісе “Чырвоны сцяг”. Першая кніга “Крокі”, якую “хрысцілі” Янка Купала і Цішка Гартны, выйшла ў 1928.

Для яго ранняй творчасці характэрны эмацыянальнае, рамантычна-ўзнёслае светаўспрыманне, услаўленне Радзімы, працы, гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пасталенне паэтычнага мыслення, пашырэнне інтэрнацыянальнага кругагляду і ўдасканаленне вершаванага радка асабліва адчуваюцца ў паэзіі канца 50-х гадоў (зборнік паэзіі “Прасторы” (17).

Найбольш плённымі для паэтычнага натхнення М.Лужаніна сталі 1970-80-я гг., калі выходзяць кніга за кнігай: «Росы на коласе» (1973) (18), «Прага крыла» (1974) (19), паэма «Як нараджаўся новы свет» (1975) (20, 21), «Лявоніха» (1977) (22, 23), «Галасы над выраем» (1980) (24, 25), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983) (26, 27), «Вярнуся ветрам» (1987) (28, 29).

У сваіх празаічных творах (напр. “Багун”, “Мяцеліца”, “Бабіна лета” і інш.) аўтар імкнуўся выявіць новы погляд на жыццё, змены ў беларускай вёсцы, шмат увагі надаваў аналізу душэўных настрояў, псіхалогіі чалавека.

Разам з тым паэт засяроджваўся і на мовазнаўчых пытаннях. Сваё бачанне моўнага майстэрства пісьменнік падмацоўваў публікацыяй тэарэтычных артыкулаў “Пісьменнік і мова” (1950), “Мова ў газеце” (1960—1962), “Магчымасці мовы” (1973, 1976), дзе падаюцца патрабаванні да мовы мастацкіх твораў. Узорам літаратурнай мовы лічыў творы К. Чорнага.

М.Лужанін працаваў літаратурным сакратаром Якуба Коласа, шмат гадоў правёў побач з народным песняром. У выніку склалася цікавая біяграфічная кніга “Колас расказвае пра сябе” (30, 31), за якую ў 1965 г. пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Я.Коласа.

Максім Лужанін – аўтар сцэнарыя мастацкага фільма па аднайменнай п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» (пастаўлены ў 1952) і дакументальнага — «Народны паэт» (пастаўлены ў 1952), з А.Куляшовым напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаванні» (пастаўлены ў 1960), «Запомнім гэты дзень» (пастаўлены ў 1967).

Займаўся перакладамі з рускай, польскай, украінскай, і інш. моў. Перакладаў М.Горкага, А.Грыбаедава (32), М.Гогаля (33), паасобныя творы А.Пушкіна, А.Міцкевіча, М.Някрасава, І.Буніна, У.Сыракомлі, У.Маякоўскага і інш. У 2000 годзе М.Лужанін стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі газеты “Літаратура і мастацства” за пераклад паэмы С.Ясеніна “Чорны чалавек”.

Сябраваў з такімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, як Уладзімір Караткевіч (34), Кандрат Крапіва (35), Васіль Быкаў (36), Іван Шамякін (37) і інш.

Не стала пісьменніка ў ноч на 13 кастрычніка 2001 г. за 3 тыдні да свайго 92-годдзя. Пахаваны на могілках вёскі Паперня Мінскага раёна, поруч з магілай Яўгеніі Пфляўмбаўм.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, Айчыннай вайны 2-й ступені, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак пашаны, медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, Малдаўскай і Літоўскай ССР. З’яўляўся заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (1969), заслужаным дзеячам культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975).

 

Close Menu