Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Вечар “Паэзія – маё жыццё…”

Вечар “Паэзія – маё жыццё…”,

прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Рыгора Бярозкіна

(у рамках музейнага праекта “Дыяменты прыгожага пісьменства”)

3 ліпеня 2018 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Саламонавіча Бярозкіна (1918–1981), выдатнага літаратурнага крытыка, паэта, перакладчыка. З гэтай нагоды 5 ліпеня Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры разам з часопісам “Маладосць” зладзіў паэтычна-музычны вечар “Паэзія – маё жыццё…”.

У рамках выставачнага праекта “Дыяменты прыгожага пісьменства” была створана экспазіцыя з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. З дароўных надпісаў, якія рабіў Рыгор Бярозкін на кнігах, прэзентаваных сябрам, калегам, паэтам, пра якіх пісаў, вымалёўваецца партрэт незвычайнай асобы, чалавека не толькі таленавітага, але шчырага, удзячнага, добразычлівага.

На імпрэзе прагучалі ўспаміны людзей, якім пашчасціла быць знаёмымі з Рыгорам Бярозкіным, працаваць і сябраваць з ім. Словы захаплення і ўдзячнасці сказалі эсэіст, крытык, празаік Лідзія Сямёнава, пісьменніца Раіса Баравікова, дачка Алеся Адамовіча Наталля, сын Уладзіміра Мехава Сяргей Няхамкін.

Цеплынёй і павагай да Рыгора Саламонавіча былі прасякнуты выступленні галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” Святланы Воцінавай і паэта, празаіка, галоўнага дырэктара замежнага вяшчання Беларускага радыё Навума Гальпяровіча.

Вельмі прыемна, што ўдзел у вечары з радасцю ўзялі маладыя даследчыкі беларускай літаратуры, якім крытычныя артыкулы Рыгора Бярозкіна аб паэтах міжваеннага часу і пасляваенных літаратарах дапамагаюць у іх прафесійным удасканальванні і літаратуразнаўчых пошуках. Так, пра фонд Рыгора Бярозкіна ў Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік, даследчык, паэт Віктар Жыбуль. Інтэлектуальна вытанчаным і артыстычным было выступленне драматурга, педагога, мастака Васіля Дранько-Майсюка.

У паэтычнай частцы вечара прагучаў верш Рыгора Барадуліна “Рыгор Бярозкін”; паэтка Маргарыта Латышкевіч прадставіла ўласны пераклад на беларускую мову любімы Р. Бярозкіным верш Барыса Пастарнака “Плача мой сад” (“Плачущий сад”); Віктар Лупасін прачытаў верш Ізі Харыка ў перакладзе на беларускую мову самога Рыгора Саламонавіча. Загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі выканаў музычную кампазіцыю на верш Алеся Наўроцкага, якім захапляўся крытык.

Удзельнікі імпрэзы адзначылі, што вечар стаўся важкім унёскам у захаванне памяці аб бліскучым літаратуразнаўцы і годным чалавеку Рыгору Саламонавічу Бярозкін.

Close Menu