Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

7 жніўня 2019 г.  у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося святочнае ўручэнне пасведчання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” Мікалаю Мікалаевічу Чарняўскаму – беларускаму паэту, празаіку, перакладчыку. Павіншаваць пісьменніка прыйшлі яго родныя, калегі па пяру.

За кожным высокім званнем, ордэнам, медалём – гісторыя чалавека, чалавека-стваральніка, таленавітага, працавітага, адданага сваёй справе і краіне. За больш чым 60-гадовы творчы шлях Мікола Чарняўскі атрымаў шмат узнагарод, быў адзначаны літаратурнымі прэміямі і дзяржаўнымі ўзнагародамі: Лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра і Васіля Віткі, літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, Выдатнік народнай асветы і Выдатнік друку Беларусі, Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна, атрымаў грамату Вярхоўнага савета БССР, нагрудны знак Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”,  узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Пасведчанне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” уручыла Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская.

Са словамі віншаванняў выступілі намеснік ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Анатоль Матвеенка, старшыня ГА “Мінскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі” і Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Міхась Пазнякоў, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяна Швед.

Пра значны ўклад творцы ў развіццё часопіса “Бярозка”, у якім 22 гады адпрацаваў Мікола Чарняўскі, распавяла галоўны рэдактар выдання Кацярына Захарэвіч. Павіншаваць Мікалая Чарняўскага прыйшоў і яго блізкі сябар, паэт, крытык, публіцыст Яўген Хвалей, які распавёў пра працу ў часопісе “Вясёлка”.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры далучыўся да шматлікіх віншаванняў. Ад імя музея віншавальны адрас са словамі шчырай удзячнасці  ўручыла  намеснік дырэктар па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Настасся Кальцова.

Напрыканцы мерапрыемства песняй “Я жадаю Вам” павіншаваў паэта кіраўнік Беларускага Дзяржаўнага ансамбля “Свята” Вячаслаў Статкевіч.

Вольга Шаўчэнка,

вядучы навуковы супрацоўнік

20190807_110153 20190807_121351 20190807_111030 20190807_111233 20190807_111816 20190807_113035 20190807_113431 20190807_114307

Апошнія навіны