Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Мы ёсць народам!22 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё выставы “Мы ёсць народам!” (М.Доўнар-Запольскі), прымеркаванай да 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларуская Народная Рэспубліка была створана ў пачатку XX стагоддзя. Незалежнасць БНР абвешчана Радай 25 сакавіка 1918 года. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, першая спроба ўтварэння беларускай дзяржаўнасці мела вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады паўплывалі на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.

Літаратурна-дакументальная частка выставы прадстаўлена хронікай падзей, якія адбываліся на Беларусі ў 1917–1919 гады і ў 1990–1991 гады. Яна дае магчымасць прасачыць перадумовы і заканамернасці працэсу нацыянальнага самавызначэння беларускага народа, працэс стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі; узгадаць грамадска-палітычную і літаратурную сітуацыю, гаварыць пра вядомых дзяржаўных дзеячаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі; пра ўплыў падзей 1917–1918 гадоў на развіццё беларускай дзяржаўнасці.

Аматары літаратуры могуць “пачуць” пранікнёныя словы Змітрака Бядулі, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Алеся Змагара, Мітрафана Доўнара-Запольскага, Антона Луцкевіча, Макара Краўцова, Генадзя Бураўкіна.

А дзякуючы пэндзлю беларускага мастака Алеся Цыркунова наведвальнікі могуць пазнаёміцца з такімі выбітнымі асобамі як Магдалена Радзівіл, Алаіза Пашкевіч, Раман Скірмунт, Казімір Сваяк, Вінцэнт Гадлеўскі, Сяргей Новік-Пяюн, Ларыса Геніюш.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць музей і пазнаёміцца з гісторыяй стварэння Беларускай народнай Рэспублікі.

Апошнія навіны