Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

7 жніўня – дзень народзінаў Адама Іосіфавіча Мальдзіса (1932), літаратуразнаўцы, гісторыка, пісьменніка, журналіста. Шчыра віншуем шаноўнага сябра Музея гісторыі беларускай літаратуры, зычым здароўя на шмат гадоў са спадзяваннямі на плённае супрацоўніцтва.

Далучаемся да віншавання Сяргея Сцяпанавіча Панізніка.

Паклон святліцы Мальдзіса

Даўно ў святліцы Мальдзіса
забранзавелі маціцы:
яны ўтрымалі столь!
Бо сам Адам нібы Атлант!
Жыццяўзнясенняў ён гарант,
дыфузіі кароль.

Вяртаюся ў Хваласпеве на 60-годдзе доктара філалагічных навук (1986), прафесара (1990), дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны, прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кіраўніка Беларускага ПЭН-цэнтра – Адама Восіпавіча Мальдзіса

ад нязьніклага фельчара С. Папара (былога супрацоўніка Цэнтра ў 1992—1994 гг.) доктару А. Гудасу:

Езус Марыя грацые ін медыцыніс аморэ дэі магістры Папар, беларутэні…

Ін Хрысці номінэ амэн. У год ад нараджэння тысяча дзевяцьсот дзевяноста другі, у пятніцу 7 жніўня ў Менску, у храме-крэпасці Саюза пісьменнікаў а гадзіне 18-й на скліканай і ў надзвычайным парадку сабранай святой вячэры слаўнейшых менскіх дактароў вольных мастацтваў, са згоды ўсіх скарыназнаўцаў і беларусістаў свету ва ўводным слове мушу прызнацца:

– Яснавяльможнае спадарства! Найдастойнейшыя мужы правялебныя, пані і панны! Просьба да Вашых дастойнасцяў наступная: ацаніць 1932 год, калі ў Расолах на Астравеччыне з”явіўся на Божы свет Адам, родам з крывічоў, ліцьвінаў-гудаў, беларусінаў для таго, каб узвялічыць славу і блеск нашай роднай літаратуры, яе прадоняў і шырыні. Вашыя дастойнасці, прадстаўлю некаторыя меркаванні аб той падзеі першай паловы ХХ стагоддзя, толькі трымаючыся паказанняў праведных і чэсных, якія вызначыла нам “сфера мундзі” Францішка Скарыны.

Вельмі вучоны чалавек носіць імя пана Адама. Ён роўна 30 летаў таму скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, тым самым паабяцаўшы пашыраць славу, гонар і пекнасць духоўнай спадчыны свайго народа і заўсёды закідаць свае шары ў глыбіню ўрны сцвярджальнай, чырвонай і ніколі ў адмоўную, зялёную. Ін эдэм матэрыя.

З таго часу спадар Адам на ўсе пытанні бліскуча адказвае і адхіляе выказаныя бюракратамі-партакратамі, якія не за кратамі, пярэчанні: выдатна аргументуючыся і ў лонданскім дыярыюшы, і ў нью-ёркскім, праявіўшы сябе найлепшым чынам. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, віцэ- і т. д і т. п прысягу на вернасць беларускае навукі спаўняе аж па сёння. Ад пэрпэтуум рэі мэморыям! На вечную памяць аб справе!

Гэта ён у непарушным зачацці, са сваёй рабрыны, узрадзіў у 1991-м Скарынаўскі цэнтр – як асаблівае дабрачэсьце, які слаўна дзеіць, дзякуючы ўсявышняму і ўсядобраму Госпаду. Гэта Адаме выявіў поўную ашчаднасць – і ўтварыў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, і яго прэзідэнства прыводзіць да многіх зрухаў у вінаградніку гасподнім, на мацерыку беларускае Існасці. А ці не ён у цяжкія, смутныя часіны ўсклаў да плячэй ветразі кіравання ПЭН-цэнтрам?

На веру і сведчанне ўсяго папярэдняга разам і паасобку, важна зараз, праз 60 гадоў, абнародаваць хаця б асобныя яго ўчынкі палюбоўныя, узяць да разгляду той адамаў вінаграднік і даказаць, што ён і да гэтага дня не зарос ліянамі, цярноўнікам ці другімі няплоднымі і шкоднымі хмызнякамі. Паспрабуем разабрацца ў гэтым паэтапна.

У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954 г. Тады ж прабраўся ў сядзібу пана Караля ў Палушах, каб звярнуцца з просьбай выявіць ласку панны Марылі. Палюбоўнае падарожжа Марыі і Адама пасля шлюбу ў 1954 г. закончылася “Падарожжам у ХІХ стагоддзе” (1969). У 1972 г. свету прыадчыніліся “Таямніцы старажытных сховішчаў”. Потым з’явілася кніга “Астравеччына, край дарагі…” Да нестандартнай сітуацыі ў Еўропе спрычынілася кніга Адама “Восень пасярод вясны” (1984), якая падвысіла парніковы эфект нават у ЦК КПБ.

І калі мы сёння ўрачыста сабраліся, найдастойнейшыя госці Мальдзісаў у апостальскай сталіцы, мусім усе прызнаць, што яснавяльможныя гаспадары застолля праявілі сябе слаўна і дастойна за час свайго жыццёвага экзамену. Уручым ім знакі вышэйшай годнасці найшчырэйшым зычэннем:

– Стагоддзе Вам!

Ано доміні 1992. Пісана ў спякотным ліпеньскім Менску.

P.S. Адам Мальдзіс 31.ХІІ.2016 г. павіншаваў мяне з 500-годзем беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, а таксама з 800-годдзем прыпамінку нашага этнічнага наймення ў пісьмовай (лацінамоўнай) крыніцы – Alba Russia!

ALBA RUSSIA

І не ў скрусе я:
рвецца з вусця і Alba Russia!
Не наўзбоч плывём – толькі прама
мы пад ветразем ад Адама!
Паяднала нас з Выссю Дно
і скарынаўскае стырно.
Плынь ад Мальдзіса – ох! – не вузкая:
нам Крыніца ён – бе-ла-рус-ка-я!

31.ХІІ.2016

5.VІІ.2018

Сяргей Панізьнік

Апошнія навіны