Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Васіль Быкаў… Чалавек, пісьменнік, філосаф. Асоба ў гісторыі беларускай культуры.

Ён Чалавек сусвету, бо вымярае з’явы і падзеі жыцця ў сістэме адвечных каштоўнасцей, яго словы зразумелыя кожнаму, незалежна ад месца нараджэння ці месца пражывання.

Месяц Васіля Быкава – чэрвень. Ён нарадзіўся ў чэрвені (19 чэрвеня 1924 – 22 чэрвеня 2003) і назаўсёды застаўся ў ім. Яго збалелая душа адляцела ў трагічны дзень і, магчыма, невыпадкова абрала гэту дату. Можа душа хацела знесці нашу агульную зямную бяду, наш боль, каб ніколі Беларусь больш не зведала вайны.

19 і 22 чэрвеня Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гасцінна запрашае ў “Быкаўскія дні” наведаць экспазіцыю Музея-дачы Васіля Быкава ў а.г. Ждановічы. Усе госці быкаўскага лецішча змогуць адчуць энергетыку гэтага святога для беларусаў месца, дакрануцца да стромкіх бярозак, якія памятаюць пісьменніка.

Ваенныя песні, успаміны пра Васіля Уладзіміравіча самых блізкіх людзей, яго сяброў, што будуць гучаць ў гэтыя памятныя дні, вернуць нас у “быкаўскі час”. Акрамя гэтага госці лецішча атрымаюць магчымасць

  • пагартаць альбом з фотаздымкамі Васіля Быкава;
  • прайсці па экспазіцыі;
  • пачуць голас гаспадара дачы.

“Быкаўскія дні” ў Музеі-дачы Васіля Быкава ўжо сталі добрай традыцыяй ушанавання памяці асобы Пісьменніка і Чалавека, творчасць якога для многіх была і застаецца ўзорам сумленнай, мужнай і праўдзівай літаратуры.

19 і 22 чэрвеня ў межах “Быкаўскіх дзён” кожны жадаючы атрымае магчымасць прайсці квэст і разгадаць крыжаванку, якія дапамогуць глыбей зазірнуць у таямніцы творчага і асабістага жыцця народнага пісьменніка. Для гасцей лецішча будуць дэманстравацца кінастужкі пра вайну. Асобнае месца адведзена фільму “Знак бяды” па аднайменнай аповесці Васіля Быкава, якой у гэтым годзе споўнілася 35 год з моманту напісання.

У гэтыя дні запрашаем наведаць выставу “Лісты з вайны”, радкі якіх раскажуць пра ваеннае жыццё і турботы Васіля Быкава, Петруся Броўкі і яго братоў, Якуба Коласа.

Падчас правядзення мерапрыемстваў, 19 і 22 чэрвеня, час работы музея (а.г.Ждановічы, вул. 6-ая Дачная, д. 62) падоўжаны да 19.00.

                  

! У “Быкаўскія дні” ўваход у музей вольны.

 

 Кантактны тэлефон: 8(017) 335-44-47; +375(29)-345-67-52.

Апошнія навіны