Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 115-годдзя з дня нараджэння Адама Герасімавіча Русака

Русак Адам Герасімавіч 24 мая 2019 года спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Адама Герасімавіча Русака (24.05.1904- 21.03.1987) – беларускага паэта-песенніка, члена Саюза пісьменнікаў СССР, заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1964). Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак пашаны, медалямі і Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі.

Адам Русак нарадзіўся у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька Герасім Сямёнавіч і маці Марыя Ігнатаўна не мелі сваёй зямлі, парабкавалі ў паноў і вясковых багацеяў. Дзед па бацькавай лініі Сымон Русак адслужыў 15 гадоў у царскай арміі, атрымаў надзел – дзесяціну зямлі ў в. Лоцавічы, пабудаваў хату, ажаніўся з цыганкай Марыяй. Адсюль і пайшла вясковая мянушка “цыганы”.

Бацька быў скрыпачом-самавукам, іграў полькі і кадрылі. Музычныя здольнасці бабулі-цыганкі і бацькі ўнаследаваў і Адам. Скрыпка з малых дзён была яго марай. На бацькавай скрыпцы ён вучыўся іграць полькі і кадрылі, а потым яны разам ігралі на вясковых вечарынках і вяселлях. У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей, але ніхто з астатніх траіх не выявіў музычных здольнасцей.

Русак Адам Герасімавіч (2) У 1914 г. Адам Русак скончыў Пясочанскую пачатковую школу. Працаваў на гаспадарцы. У 1922 г. паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум, але тэхнік з яго не выйшаў. Адам больш хадзіў па тэатрах і рэстаранах, каб паслухаць музыку, чым сядзець над чарцяжамі. У хуткім часе ён пакінуў вучобу. У 1925-1930 г. вучыўся ў Мінскім музычным тэхнікуме, іграў у сімфанічным аркестры Беларускага радыё і адначасова служыў музыкантам у Чырвонай Арміі (1928-1930). У 1930-1934 г. вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі па класу скрыпкі і валторны. Адначасова з 1932 г. і пасля заканчэння кансерваторыі працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога акадэмічнага тэатра оперы і балета. У 1942-1944 г. разам з тэатрам эвакуіраваны ў Арэнбург. З 1949 г. працаваў салістам аркестра Белдзяржфілармоніі.

Кніга  “На родных палетках, 1946 г.”Кніга  “На родных палетках, 1946 г.”

Першы верш А. Русака “Мая песня” апублікаваны 27 мая 1927 г. у часопісе “Чырвоны сейбіт”. Рэгулярна пачаў друкавацца з 1932 г. у часопісах “Полымя рэвалюцыі”, газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”. У 1940 г. быў падрыхтаваны да друку першы яго зборнік “На родных палетках”, але вайна перашкодзіла яго своечасоваму выданню. Ён убачыў свет толькі ў 1946 г.

А.Русак – аўтар зборнікаў паэзіі “Песні і вершы”,
Кніга “Песні і вершы” 1951 г.Кніга “Песні і вершы” 1951 г.

“Песні” (на рускай мове)

Кніга “Песні” 1954 г.Кніга “Песні” 1954 г.

“Пад голас баяна”, “Толькі з табою”,

Кніга “Толькі з табою” 1960 г.Кніга “Толькі з табою” 1960 г.

“Звонкія крыніцы”, “Закрасуйся, Нёман”, “Песні на словы А.Русака”, “Засцілайце сталы”, “Песні радасці” і інш. Пісаў Адам Русак і для дзяцей. Былі выдадзены кнігі вершаў “У Буслаўцы”, “Добра ведаю ўрок”.

У пачатку творчага шляху Адам Русак не ставіў за мэту пісаць песні, але кампазітары самі звярталі ўвагу на яго вершы, ствараючы да іх музыку. Паступова ён стаў прафесійным паэтам-песеннікам. Радзіма, жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць услаўляюцца ў вершах паэта. Для іх характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкая да фальклору.

Запрашэнне на творчы вечар Адама Русака.Запрашэнне на творчы вечар Адама Русака.

Песня на яго словы “Бывайце здаровы” стала народнай, вядомай далёка за межамі рэспублікі. Адам Русак напісаў яе ў 1936 г. пасля пераезду з роднай вёскі Пясочнае ў Пецярбург. Аўтарам музыкі да гэтай песні з’яўляецца кампазітар Ісак Любан. Версія на рускай мове належала Міхаілу Ісакоўскаму, яна з’явілася ў “Правде” 1 студзеня 1937 г. і некаторы час лічылася народнай (аўтарства не было пазначанае). Міхаіл Ісакоўскі фігураваў як аўтар перакладу, а Ісак Любан – аўтарам музыкі. Неўзабаве адбылося пасяджэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якім аўтарства Адама Русака было даказана, і ў 1940 г. М. Ісакоўскі даслаў яму ліст з прабачэннямі. Сярод першых выканаўцаў песні была народная артыстка БССР Л.Александроўская. Падчас Другой сусветная вайны песня гучала на франтах у розных варыяцыях. Пра лёс гэтай песні на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1983 г. быў пастаўлены аднайменны фільм (сцэнарый Л.Гедравічуса і І.Цішчанкі).

Музыка кампазітара І. Любана да песні “Бывайце здаровы”.Музыка кампазітара І. Любана да песні “Бывайце здаровы”.

Менавіта любімыя мелодыі натхнялі Адама Русака. У душы ён быў паэтам, тонка адчуваўшым мілагучнасць роднага слова. Як сцвярджаў Генадзь Цітовіч, «між яго вершаваных радкоў нябачна прысутнічаюць лініі нотнага стану, на якім уяўляецца ключ, лад, контуры напеву».
№16 KP_022505Беларускія пісьменнікі з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг”. Злева направа: Анатоль Астрэйка, Еўдакія Лось, Адам Русак, Паўлюк Прануза.

Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі многія іншыя песні (усяго каля 300) на тэксты вершаў А.Русака: “Толькі з табою” і “Не шукай” (муз. І.Любана), “Лясная песня” і “Па-над лесам, па-над борам” (муз. У.Алоўнікава), “Дняпро” і “Не за вочы чорныя” (муз. Ю.Семянякі), “Узнялося сонца яснае” (муз. Дз.Лукаса), “Дзе ты, зорка мая” (муз. І.Лучанка), “Ціхі вечар” (муз. Г.Вагнера), “Сярожка” (муз. К.Паплаўскага), “Як той Зосі давялося” (муз. Г.Цітовіча), “Чырвоная вяргінечка” (муз. Н.Сакалоўскага), “Як правёў меня Цімох” (муз. М.Ларкова), “Бульба” (муз. народная) і інш. Вершы А.Русака перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы.

Кніга “Пролетели ветры” 1969 г.Кніга “Пролетели ветры” 1969 г.

У адным са сваіх рукапісаў Адам Русак згадаў: “Песня… Якое маленькае слова, і якое яно ёмістае, калі словы і музыка, злітыя ў адно цэлае, кранаюць душу і сэрца… Песня мае сваю прыроду і законы. У гэтым маленькім, але крылатым творы слова і музыка зліваюцца так, што калі слухаем песню, мы забываем, што яе стварылі два аўтары: паэт і кампазітар. Песня не церпіць рыторыкі, набору слоў. У ёй павінна быць паэзія і яшчэ раз паэзія. Мы, паэты-песеннікі, добра памятаем словы Максіма Горкага: “…Калі верш складаецца са срэбра, дык песня павінна быць з золата”. Але гэта яшчэ не ўсё. Галоўны суддзя песні — народ. І хоць пішацца песень многа, аднак добрых песень яшчэ мала. Беларускія паэты і кампазітары цудоўна ведаюць, што песня самацёку не церпіць, што над песняй трэба працаваць штодзённа…”

Гэта і сёння вялікая тайна: чаму адна песня застаецца жыць на доўгія гады, а на другую праз дзень забываюцца? Але песні, напісаныя ў тыя гады, ствараліся ад душы і з вялікім натхненнем. Можа быць таму яны намнога перажылі сваіх аўтараў і працягваюць жыць сёння.

Матэрыялы падрыхтаваны з выкарыстаннем музейных прадметаў з фондаў установы “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”.

“Ex libris Адама Русака” З архіва Я.М.Ціхановіча“Ex libris Адама Русака” З архіва Я.М.Ціхановіча

Рукапісы Адама Русака, 1970-1971 гг.Рукапісы Адама Русака, 1970-1971 гг.

Партрэт Адама Русака. З архіва У.Крука, 1960-я гг.Партрэт Адама Русака. З архіва У.Крука, 1960-я гг.

Close Menu