Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

                                   

ПОСТ-РЭЛІЗ

Сёлета Рыга актыўна прымала Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

13 снежня ў Латвіі ў музеі “Дача Райніса і Аспазіі” (г. Юрмала) адбылося адкрыццё літаратурна-дакументальных выстаў, прысвечаных жыццю і творчасці выдатных беларускіх паэтаў ХХ ст. Петруся Броўкі і Рыгора Барадуліна “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе…” і “Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцці…”

Абодва народныя паэты Беларусі, абодва з Ушаччыны – землякі.

Малодшы сябар Рыгор Барадулін называў Броўку ёмістым словам “дружбіст” – менавіта яно “глыбока паказвала пастаянны стан душы паэта, яго шчодрасць на сяброўства” — сярод велізарнай колькасці сяброў і добрых знаёмых не толькі беларусы. Пятрусь Броўка падтрымліваў шчырыя адносіны і меў стасункі з Андрэем Упітам, Юліем Ванагам, Вілісам Лацысам…

Бываючы ў Юрмале, Пётр Усцінавіч усклікаў: “У вас мора!.. Рамантыка… Прастор для паэтаў…”. Паэтычная спадчына Петруся Броўкі вяртаецца ў адно з самых любімых месцаў народнага паэта Беларусі.

У Рыгора Барадуліна з Латвіяй крэўныя сувязі. Дзед паэта (па лініі маці) Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом.

Творчымі сябрамі для Рыгора Іванавіча сталі выдатныя латышскія паэты Ояр Ваціеціс, Андрыс Веян, Еранімс Стулпанс, Віктарс Ліўземніекс, Кнутс Скуяніекс. Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову п’есу “Вей, вятрок!” Яна Райніса (1980), якая займае важнае месца ў драматургіі Латвіі.

За асаблівыя заслугі перад Латвіяй Рыгор Барадулін атрымаў Ордэн Трох Зорак (званне Афіцэра Ордэна 4-й ступені) у 1997 г. Дэвіз, які напісаны на гэтай ганаровай узнагародзе – “Per aspera ad astra” (“Праз церні да зорак”). Праз церні да зорак ляцяць нашы паэты, а разам з іх паэтычнымі радкамі вышэй узнімаемся і мы.

Дзякуючы выставе Рыгор Барадулін вяртаецца на зямлю свайго дзеда Андрэя Гальвінша – “механіка млыноў, які пад Полацак трапіў на заробкі з Рыгі”, па словах паэта.

Адкрыццём гэтых выстаў музей зрабіў падарунак сваім зямлякам у Латвіі.

2016 год для нашай краіны ідзе пад зоркай класіка нашай літаратуры, генія беларускай зямлі Максіма Багдановіча, 125-годдзе якога мы адсвяткавалі 9 снежня.

14 снежня ў Рыжскай беларускай асноўнай школе адкрылася літаратурна-дакументальная выстава “Макісм Багдановіч. Жыццё і творчасць”, якую прэзентаваў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Літаратурны музей Максіма Багдановіча”

Год культуры ў Беларусі завяршаецца, а для Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры пачынаецца новае плённае сяброўскае супрацоўніцтва з Аб’яднаннем мемарыяльных музеяў Латвіі. Наш дэвіз сёння ­- “культура без межаў”!

Апошнія навіны