Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

ПОСТ-РЭЛІЗ

Канферэнцыі

“Даследаванні крыпты князёў Радзівілаў

у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, 2017 г.”

 і вынікі працы па агульнаму праекту Літвы і Беларусі

“Князі Радзівілы: супрацоўніцтва ў галіне развіцця навыкаў па ахове і даследаванню культурнай спадчыны”

20 кастрычніка 2017 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася міжнародная канферэнцыя Даследаванні крыпты князёў Радзівілаў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы.

Сумесная беларуска-літоўская група, якая складаецца з гісторыкаў, антраполагаў і спецыялістаў па захаванні спадчыны, даследавала крыпты Фарнага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. На канферэнцыі былі асветлены этапы даследавання крыпты Радзівілаў – трэцяга па значнасці радавога пахавання ў Еўропе пасля Габсбургаў і Бурбонаў. Дадзены аб’ект мала даследаваны і мінімальна прыстасаваны для наведвання, нягледзячы на яго значнасць для гісторыі Еўропы. Імкнучыся высветліць стан самой крыпты і пахаванняў, ідэнтыфікаваць іх, былі праведзены комплексныя навуковыя даследаванні. Вывучаліся астанкі такіх асоб як Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька, Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку, Геранім Фларыян Радзівіл і інш.

З прывітальным словам у пачатку канферэнцыі выступілі дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры – Зміцер Яцкевіч, які адзначыў, што пачаткам праекта было сумеснае пагадненне Міністэрствамі культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Літвы. Таксама выступілі: другі сакратар пасольства Літоўскай Рэспублікі – Міндаўгас Габрэнас, Аксана Сматрэнка – начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Аўдроне Вішнеўскене – супрацоўнік Дэпартамента культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літоўскай Рэспублікі.

Літоўскі архітэктар Рымас Грыгас агучыў даклад “Фарны касцёл Божага Цела ў Нясвіжы і крыпта князёў Радзівілаў: архітэктурнае развіццё прасторы”. У выступленні прагучала пытанне захаванасці крыпты і ўключэння яе ў турыстычную мапу краіны, а таксама праблемы ўздзеяння навакольнага асяроддзя і меры па іх перадухіленні. Доктар гістарычных навук Вільнюскага ўніверсітэта Марцінас Якуліс у сваім даследаванні “Тая мая хвароба cholera morbus завецца і яна вельмі небяспечная: гістарычныя дадзеныя пра здароўе Нясвіжскіх Радзівілаў” выявіў асноўныя хваробы роду Радзівілаў: страўнікава-кішачныя засмучэнні, прыпадкі нырачнакаменнай хваробы, моцны галаўны боль. Працягнула тэму дактарант гістарычнага факультэта Вільнюскага ўніверсітэта – Юстына Казакайтэ ў даследаванні “Хваробы, якія мучалі магутных: нататкі з дзённіка антраполага”. Падчас працы над тэмай быў разгледжаны стан здароўя князёў Радзівілаў. Супрацоўніца Рэстаўрацыйнага цэнтра імя Пранаса Гудынаса Вітаўтэ Лукшэнэнэ ў сваім навуковым выступе распавяла пра адзенне і рэчы памерлых, знойдзеныя у крыпце, сярод якіх былі незвычайныя прадметы: зорка ордэна Святогo Губертa, ордэн Белага Арла Міхаіла Казіміра Радзівіла, польская шабля — Карабэль (“Рэчы памерлых пра жывых: даследаванні саван”).

Беларускі даследчык, галоўны архітэктар ААТ “Белрэстаўрацыі” і навуковы кіраўнік рэстаўрацыі касцёла Божага Цела ў Нясвіжы Андрэй Карпук у працы “Цяперашні стан і праблемы правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на касцёле Божага Цела ў Нясвіжы” дадаў інфармацыі  па стану крыпты. Далей выступіў старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» Андрэй Блінец з даследаваннем “Крыпта князёў Радзівілаў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы: праблематыка выкарыстання ў сферы турызму”. Былі прапанаваны агульныя ідэі па мадэрнізацыі крыпты. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — Антон Астаповіч выказаў канцэпцыю абмежавання часу паказу крыпты ў мэтах яе захаванасці. Усе адзначылі вартасць і унікальнасць гэтых даследаванняў для Беларусі, і неабходнасць далейшай сумеснай працы.

Удзельнікі канферэнцыі адзначалі, што грунтоўныя даследаванні былі б немагчымымі без фінансавага забеспячэння праекта, якая была аказаная па Праграме супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і падтрымкі дэмакратыі, Літоўскай Рэспублікі і Дэпартамента культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літоўскай Рэспублікі. Партнёрамі праекта сталі Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і гістарычны факультэт Вільнюскага універсітэта.

У абмеркаванні вынікаў даследаванняў Літвы і Беларусі прымалі удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, пасольства Літоўскай Рэспублікі, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», гісторыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, мастацтвазнаўцы з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, антраполагі, музейшчыкі і інш.

Вынікам канферэнцыі стала рашэнне аб далейшым супрацоўніцтве беларускага і літоўскага бакоў у даследаванні крыпты князёў Радзівілаў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. Былі прапанаваны ідэі па ўдасканаленню турыстычнай інфраструктуры аб’екта і яго музеефікацыі.

Апошнія навіны