Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Бе

16 лютага 2018 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Цімкавічы – скарбніца натхнення”, якая прадстаўляе творы Алеся Квяткоўскага і студэнтаў архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, напісаныя на пленэры ў Цімкавічах. Таксама ў гасцей часовай экспазіцыі  з’явілася магчымасць пазнаёміцца з асобай і  творчасцю Кузьмы Чорнага  –  знакамітага беларускага пісьменніка з Цімкавіч.

Алесь Квяткоўскі – сапраўдны мастак свайго часу. Яго творы прасякнуты любоўю да родных мясцін, да роднай Беларусі. Сваёй галоўнай мэтай мастак лічыць перадаць любоў да радзімы наступнаму пакаленню творцаў. Вучні пад кіраўніцтвам Алеся Адамавіча малявалі вёску Цімкавічы.

Пра дзейнасць музея ў Цімкавічах расказала загадчыца філіяла “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” – Людміла Ніжэвіч. Зямляк Кузьмы Чорнага, пісьменнік, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук і прафесар Алесь Бельскі расказаў пра артыкул, які ён напісаў пра жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага, а таксама зачытаў верш пра Цімкавічы. Свае ўражанні ад прагляду экспазіцыі выказалі: Армен Сардараў – прафесар, доктар архітэктуры, дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта; Уладзімір Рынкевіч – прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства; Валерый Ранцэвіч – кандыдат тэхнічных навук; Марыя Карпенка – заслужаны работнік культуры і інш.

Прыемным музычным падарункам для гасцей адкрыцця было выступленне скрыпічнага дуэта Таццяны Курыльчык і Рэгіны Сашнянінай.

Малодшы навуковы супрацоўнік
навукова-асветніцкага аддзела Аксана Жлобіч

Апошнія навіны