Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

  Маёй ты радасці выток,
Люблю цябе я ад калыскі,
Міёры, родны гарадок,
Ты мне як сябра самы блізкі…

                                                                                                                      Б.Мароз.

27 красавіка ў рамках праекта “Літаратурнае падарожжа” адбылася вандроўка Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў горад Міёры Віцебскай вобласці. “Літаратурнае падарожжа” – гэта праект, які знаёміць жыхароў беларускай глыбінкі з цікавымі падарожнікамі: пісьменнікамі, супрацоўнікамі музеяў, літаратуразнаўцамі, журналістамі. На гэты раз да жыхароў Міёршчыны завіталі пісьменнікі – Генадзь Пашкоў, Людміла Рублеўская, Іна Фралова, Міхась Бараноўскі, журналістка Наста Грышчук, супрацоўнікі музея – Лідзія Шагойка, Таццяна Ушылава, Алена Канапацкая, Таццяна Васільева.

Міёршчына багатая на славутыя імёны. Варта толькі згадаць Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага,  Генрыха Дмахоўскага, Генадзя Цітовіча, Пятра Сушко, Сяргея Панізніка, Франца Сіўко, Браніслава Мароза, Галіну Тычка, Станіслава  Арцімовіча, Віктара Жаўняровіча, Міхаіла Ляўковіча і інш. Жывуць тут ўлюбёныя ў свой край людзі, якія берагуць яго гісторыю і ўпісваюць сваю старонку ў летапіс краіны. Адзін з такіх рупліўцаў – Вітольд Антонавіч Ермалёнак, які працуе ў СШ № 3 горада Міёры, куды і скіраваліся сталічныя падарожнікі. Удзельнікаў праекта не толькі гасцінна сустрэлі ў школе, а і здзівілі багаццем 3-х школьных музеяў, дзе сабраныя цікавыя і каштоўныя экспанаты. Пасля змястоўных экскурсій адбылася сустрэча падарожнікаў са школьнікамі і настаўнікамі ўстановы. Яна прайшла ў цёплай і прыязнай абстаноўцы. Прысутныя лавілі кожнае слова пісьменнікаў і музейшчыкаў, якія распавядалі пра сваю працу, творчыя задумы, работу над творамі. Акрамя названай сустрэчы, вандроўнікі пакланіліся мемарыялу на месцы спаленай вёскі Шунеўка, пабывалі каля памятных месцаў у Глыбокім, а таксама спыніліся ля храма ў Бягомлі.

Праект “Літаратурнае падарожжа” даў магчымасць міёрцам пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі. Такія сустрэчы з цікавымі людзьмі, а таксама краявіды нашай роднай Беларусі натхняюць кожнага да творчасці, да новых ідэй.

                Загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Лідзія Шагойка.

Апошнія навіны