ПРЭС-РЭЛІЗ Мерапрыемства “Без учора не будзе заўтра…”, прысвечанага прэзентацыі кнігі Навума Гальпяровіча “Час лістападу” |
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае 30 студзеня 2018 а 17-й гадзіне на мерапрыемства “Без учора не будзе заўтра…”, якое адбудзецца у Доме Дружбы.
Шматграннасць творчай асобы Навума Гальпяровіча выяўляецца ў яго штодзённай дзейнасці. Кіраўнік міжнароднага радыё “Беларусь”, журналіст, паэт, празаік , публіцыст , аўтар і вядучы папулярных радыёпраграм, шматлікіх кніжак, што выходзілі ў выдавецтвах краіны… І ўся гэтая разнастайная дзейнасць прасякнута высокім пачуццём любові да бацькоўскай зямлі, да роднага Полацка, да беларускага слова.
У гэтую кнігу аўтар уключыў як ранейшыя творы, так і тыя, што напісаны ў нядаўні час. У вершах шмат алюзiй — не толькi лiтаратурных, многiя вобразы звязаныя з музыкай, з выяўленчым мастацтвам — нiбыта паэт адказвае на пытаннi пра свае прыхiльнасцi. Кніга – своеасаблівая духоўная аўтабіяграфія, паэтычная справаздача аб зробленым у беларускай літаратуры за палову стагоддзя.
Кніга зацікавіць многіх: даследчыкаў творчасці аўтара, яго шматлікіх прыхільнікаў, а таксама тых, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з асобай аднаго з найбольш яркіх прадстаўнікоў выдатных дзеячаў беларускай культуры.
У вечарыне возьмуць удзел Ліліяна Анцух, Пятро Васючэнка, Анатоль Бутэвіч, Галіна Шаблінская, прыхільнікі творчасці Навума Якаўлевіча і іншыя.
Уваход вольны.
Месца правядзення: Дом Дружбы (вул. Захарава, 28).
Кантактны тэлефон: 334-56-21.
Куратар мерапрыемства: вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Шаўчэнка.