Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

23 жніўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося ўрачыстае адкрыццё дзвюх экспазіцый: “Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові…”, “Янка Брыль. З людзьмі і сам-насам”, прысвечаных 100-гадовым юбілеям пісьменнікаў.

Падчас святочнага мерапрыемства сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі адбылося гашэнне юбілейнай паштовай маркі і канверта, прысвечаных юбілею Пімена Панчанкі, а таксама ўрачыстая перадача ў фонды музея юбілейнага канверта з арыгінальнай маркай “100 год з дня нараджэння Янкі Брыля”.

Адкрыццё экспазіцый у адзін дзень Музей гісторыі беларускай літаратуры прызначыў невыпадкова: даследчыкі адзначаюць пэўнае падабенства лёсаў Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Нарадзіліся пісьменнікі ў жніўні 1917 года за межамі Беларусі: Янка Брыль – 4 жніўня ў Адэсе, Пімен Панчанка – 23 жніўня ў Таліне. Літаратурная спадчына пісьменнікаў трывала і надзейна заняла сваё пачэснае месца ў беларускай нацыянальнай літаратуры.

На вечарыну завітаў прадстаўнік футбольнага клуба “Дынама Мінск”, заўзятарам якого быў Пімен Емяльянавіч. Дзмітрый Пракапенка, загадчык аддзела маркетынгу ФК “Дынама Мінск”, падарыў музею ганаровую майку з прозвішчам “Панчанка” і 100-тым нумарам.

Ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ўдзел у мерапрыемстве прыняла Алена Стэльмах. Словы захаплення творчасцю Пімена Панчанкі выказалі прадстаўнікі Іранскага пасольства і пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску, а таксама Сяргей Законнікаў, Анатоль Бутэвіч, Іван Саверчанка. Не абмінулі ўвагай адкрыццё экспазіцый родныя пісьменнікаў: Кацярына Андрэеўна Панчанка – унучка, Андрэй Аляксандравіч Панчанка – унук, Галіна Іванаўна Брыль – дачка, Андрэй Іванавіч Брыль – сын.

Апошнія навіны