Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Падарожжа ў Краіну Маленства. Янка Маўр і дзіцячая літаратура7 мая 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі “Падарожжа ў Краіну Маленства. Янка Маўр і дзіцячая літаратура”, прымеркаванай да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра (10.05.1883 – 03.08.1971).

Янка Маўр – сапраўднае імя Іван Міхайлавіч Фёдараў – вядомы дзіцячы пісьменнік, перакладчык, аўтар прыгодніцкіх твораў “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Амок”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, аўтабіяграфічнай аповесці “Шлях з цемры”.

У наведвальнікаў была магчымасць пабачыць цікавыя матэрыялы з архіваў пісьменнікаў: графін, які падарылі вучні Янку Маўру, акуляры, змейку з бамбуку, падораную Янку Маўру эсперантыстамі, кашулю, кій пісьменніка, дзіцячыя малюнкі яго ўнучкі, якая прысутнічала на імпрэзе, віншавальныя адрасы ад піянераў г. Мінска і часопіса “Вожык” з малюнкамі, рукапіс і акуляры Васіля Віткі, акуляры і нататнік Рыгора Барадуліна, упрыгожванні Дануты Бічэль-Загнетавай, Галіны Каржанеўскай, Раісы Баравіковай. У інтэр’ерным куце можна было пабачыць тое, з чым звязаны Янка Маўр: палітычная мапа свету, альбом філатэліста з маркамі з розных краін свету, а таксама ліст да ўнука.

Таксама ў наведвальнікаў была магчымасць адправіцца ў фантастычнае падарожжа па творах дзядулі Маўра пры дапамозе “маўрынак” з чамадана вандроўніка.

На адкрыцці экспазіцыі выступілі: Віктар Жыбуль – беларускі паэт, літаратуразнавец, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Аксана Спрынчан – беларуская пісьменніца і паэтка, дырэктарка Паэтычнага тэатра “Арт.С.”, а таксама ўнучка Янкі Маўра – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч.

Экспазіцыя працуе да 16 верасня.

Запрашаем дзяцей і іх бацькоў у сапраўднае Падарожжа ў Краіну Маленства!!!

 

Кантактны тэлефон: 335-44-47

Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by

Апошнія навіны