Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

23 жніўня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца святочнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі і народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. У рамках мерапрыемства адбудзецца адкрыццё выставы “Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові…” і літаратурна-дакументальнай часовай экспазіцыі “Янка Брыль. З людзьмі і сам-насам”. Падчас мерапрыемства сумесна з  Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь адбудзецца гашэнне паштовай маркі і канверта, прысвечаных юбілею Пімена Панчанкі, і ўрачыстая перадача ў фонды музея юбілейнага канверта з арыгінальнай маркай  “100 год з дня нараджэння Янкі Брыля”.

Урачыстае адкрыццё дзвюх экспазіцый у адзін дзень Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прызначыў невыпадкова: даследчыкі адзначаюць пэўнае падабенства лёсаў Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Нарадзіліся пісьменнікі ў жніўні 1917 года за межамі Беларусі: Янка Брыль – 4 жніўня ў Адэсе, Пімен Панчанка – 23 жніўня ў Таліне. Літаратурная спадчына пісьменнікаў трывала і надзейна заняла сваё пачэснае месца ў беларускай нацыянальнай літаратуры.

Да 100-годдзя з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў Пімена Панчанкі і Янкі Брыля

На экспазіцыях будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея (фатаграфіі, рукапісы, лісты, кнігі), прадметы з асабістых архіваў Пімена Панчанкі і Янкі Брыля. Усё гэта дасць магчымасць прасачыць жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў.

Гасцямі свята стануць прадстаўнікі футбольнага клуба “Дынама Мінск”, заўзятарам якого быў  Пімен Емяльянавіч. Пісьменнік амаль ніколі не прапускаў матчы футбольнага клуба, таму заўзятары “Дынама Мінск” разам з клубам падрыхтавалі падарунак, які будзе прадстаўлены на экспазіцыі.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран, Пасольства Рэспублікі Польшча, ФК “Дынама Мінск”, пісьменнікі, сябры, родныя Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, аматары творчасці беларускіх аўтараў і інш.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.