Мастацка-дакументальная выстава “Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея”
Запрашаем на прэзентацыю
мастацка-дакументальнай выставы
“Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея”
да юбілею Генадзя Чыстага
7 красавіка 2022 года а 17-й гадзіне
Слова экспазіцыя паходзіць ад лацінскага “expositio” – выстаўляць, што азначае ў шырокім сэнсе сукупнасць вызначаных прадметаў, выстаўленых для агляду. Віртуознасць выканання экспазіцыі робіць яе цэласным творам мастацтва – канцэптуальна прадуманым, функцыянальна насычаным і эстэтычна выразным. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае музейны мастак.
Генадзь Рыгоравіч Чысты – вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся 5 красавіка 1947 года ў г. Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1968 г., з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1994 г. Мастак стварыў серыю прац – партрэтаў музейных супрацоўніц, і гэта невыпадкова, бо вялікая частка яго творчага жыцця аказалася звязанай з беларускімі музеямі.
Сам сябе Генадзь Чысты сціпла называе мастаком-афарміцелем, але ён ніколі не быў простым афарміцелем музейных вітрын, якія займаліся толькі раскладкай экспанатаў. З першых дзён свайго супрацоўніцтва з музеямі ён выступае паўнапраўным удзельнікам творчага працэсу стварэння той ці іншай экспазіцыі, часам становіцца аўтарам мастацкай канцэпцыі. Ён шукае кансэнсус з музейнымі супрацоўнікамі ў пытанні колькасці і “якасці” экспанатаў, спрабуе выявіць і выбудаваць бачныя прадметныя і прасторавыя сувязі, каб наведвальнік адчуў сінхроннасць нашага часу і часу існавання-бытавання прадмета.
Мастацка-дакументальная выстава “Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея”, прымеркаваная да прыгожага юбілею Генадзя Рыгоравіча Чыстага, прэзентуе яго шматгранную творчую дзейнасць, непарыўна звязаную з беларускімі музеямі. Выстава – гэта рэтраспектыва супрацы беларускага мастака і экспазіцыянераў, своеасаблівая “справаздача” і фундамент для будучых экспазіцыйных праектаў.
Выстава пряцягне сваю дзейнасць па 3 мая 2022 года.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 363 07 61, (017) 355 22 95
Музеі, у якіх Генадзь Рыгоравіч Чысты ствараў пастаянныя экспазіцыі:
- Ашмянскі краязнаўчы музей. 1989;
- Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча. Кушляны. 1990;
- Дом-музей Максіма Багдановіча. Яраслаўль. 1992;
- Мемарыяльны музей Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына”. Ракуцёўшчына (першы пускавы комплекс 1994, другі пускавы комплекс 2004);
- Лiтаратурны музей Кузьмы Чорнага. Цімкавічы. 1994;
- Дом-музей Адама Міцкевіча. Навагрудак. 2001;
- Дом-музей Янкі Купалы. Яхімоўшчына. 2001;
- Калінкавіцкі краязнаўчы музей. 2002;
- Музей гісторыі “Белпрамбудбанка”. Мінск. 2003;
- Дом-музей М.Гарэцкага. Малая Багацькаўка. 2004;
- Музей баявой славы. Гомель. 2005;
- Дом-музей Я.Купалы. Вязынка. 2011;
- Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” (першы пускавы комплекс 2008 г., другі пускавы комплекс 2011 г., паляўнічая зала, арсенал 2012 г.).
Музеі, у якіх Генадзь Рыгоравіч Чысты ствараў часовыя экспазіцыі:
- Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Мінск;
- Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Мінск;
- Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Мінск;
- Літаратурны музей Петруся Броўкі. Мінск;
- Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Мінск;
- Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”;
- Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.