Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Кандрат Крапіва. Ад маленства да сталасці” дае магчымасць прайсці па жыццёвай дарозе Кандрата Крапівы, дарозе вялікай, даўжынёй больш чым 90 гадоў, перагарнуць старонкі біяграфіі пісьменніка. Кандрат Крапіва – народны пісьменнік Беларусі, класік беларускай літаратуры, паэт, сатырык, драматург, празаік, грамадскі дзеяч, літаратуразнаўца, перакладчык і лаўрэат шматлікіх Дзяржаўных прэмій. Самабытнасць і шматграннасць таленту, сапраўдны народны характар творчасці даюць усе падставы аднесці Кандрата Крапіву да самых вядомых прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры і культуры. На экспазiцыi Вы зможаце ўбачыць кнігі, дакументы, газеты, часопісы, фотадакументы, асабістыя рэчы, лісты, паштоўкі, тэлеграмы ад сяброў і калег, рукапісы і машынапісы. Найбольш каштоўныя рукапісы датуюцца сярэдзінай 1940-х гг. Значнае месца займае асабістая бібліятэка Кандрата Крапівы, якая змешчана ў чатырох кніжных шафах з кватэры пісьменніка, і рабочы стол творцы 1950-х гадоў.
Тэлефон для папярэдняга запісу: 334-56-21.